ЦЭНТРАЛЬНАЧАРНАЗЁМНЫ ЗАПАВЕ́ДНІК імя В.​В.​Алёхіна, біясферны.

У Курскай і Белгародскай абл., Расія. Засн. ў 1935 для аховы і вывучэння унікальных прыродных комплексаў лесастэпу. Пл. 5,3 тыс. га. Складаецца з 6 асобных участкаў. Рэльеф эразійны. Глебы — моцныя тыповыя чарназёмы, якія ніколі не ўзворваліся, маюць гумусу да 9—12%, таўшчыня гумусавага слоя да 1 м. У расл. покрыве спалучэнне лугавога стэпу і дуброў. У флоры больш за 900 відаў вышэйшых сасудзістых раслін, з іх 86 рэдкіх. У фауне 38 відаў млекакормячых (барсук, ліс, тушканчык вялікі, суслік рабы, мышоўка стэпавая, заяц-русак і інш.), 184 птушак (каршун чорны, сарыч, канюк касматаногі, зязюля, дзяцел вялікі стракаты і інш.), 6 рэптылій, у т. л. гадзюка стэпавая, 7 земнаводных, больш за 4 тыс. насякомых.

т. 17, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)